Яркае захапленне дырэктара Канюхоўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Іны Лебядзевіч прыцягвае ўвагу прахожых і прыносіць нечаканыя падарункі.
Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У мінулым годзе падчас раённага свята “Дажынкі” мяне віншавалі з 1-м месцам у конкурсе прысядзібных тэрыторый сярод населеных пунктаў да 200 дамоў. Было вельмі прыемна. За падарунак у выглядзе пыласоса я падзякавала ў тым ліку і сваім кветкам, — з усмешкай гаворыць Іна Уладзіміраўна.
Але не дзеля дыпломаў і падзяк яна прысвячае вольны час кветкам. Гэта дорыць ёй задавальненне і з’яўляецца сямейнай традыцыяй. У бацькоўскім доме заўсёды шмат кветак было. Ды і сёння мама Іны Лебядзевіч, Таццяна Мікалаеўна, вырошчвае расаду амаль у прамысловых маштабах — для дзвюх дачок і ўжо трэці год для кветнікаў Канюхоўскай сярэдняй школы. Толькі гэтай вясной Іна Уладзіміраўна і Таццяна Мікалаеўна для пасадкі на тэрыторыі школы падрыхтавалі 200 гаршчочкаў адналетнікаў!
Першыя кветкі на прысядзібнай тэрыторыі дырэктара Канюхоўскай школы з’яўляюцца яшчэ ў лютым, а апошнія радуюць цвіценнем да позняй восені.
— Работа кіраўніком установы адукацыі прадугледжвае інтэнсіўны рытм жыцця і поўную самааддачу. І кветкі на маім участку — магчымасць добрага адпачынку. За іх пышным цвіценнем стаіць штодзённая праца: трэба паліць, угнаіць, ачысціць ад бутонаў, якія ўжо сказалі сваё слова… Але якраз падчас такога дыялогу з маёй кветкавай прыгажосцю нараджаюцца многія кіраўніцкія ідэі. Можна сказаць, для мяне гэта крыніца натхнення, — прызнаецца суразмоўніца.
Так прыйшла ідэя арганізаваць у школе музейны пакой. Яго экспазіцыя расказвае і пра гісторыю ўстановы, і пра знакамітых выпускнікоў. Сярод іх Надзея Сторажава — аўтар буквара, па якім пэўны час вучыліся чытаць першакласнікі Беларусі.
— Не магу сказаць, што на маім кветкавым астраўку ёсць любімчыкі. І ўсё ж з улікам таго, што значную частку ў ім займае ружоўнік, у гэтых кветак ёсць пэўная перавага. Да таго ж першым на месцы сённяшняга палісадніка яшчэ ў 2000 годзе я пасадзіла менавіта куст ружы. А сёння такіх у мяне больш за сотню, — працягвае свой аповед Іна Уладзіміраўна.
Не толькі кветкі яе захапленне. Летась на ўчастку ў трыццаць сотак каля дома сваё месца занялі 75 саджанцаў елкі, некалькі соснаў і бяроз. У будучыні педагог разлічвае на ўраджай грыбоў.
У палісадніку ў гэтым годзе ёсць і свая пунсовая кветачка. Калі дакладней, то адразу некалькі такіх кветак розных колераў.
— Гэтыя капрызныя эўстомы пасеяла яшчэ 2 студзеня. Не спяшаючыся, кветкі набіраліся сілы. Далёка не ўсе пасля высадкі ў адкрыты грунт прыжыліся ва ўмовах сёлетняй вясны. Любуюся імі з асаблівымі пачуццямі. Першай распусцілася малочная, дагнала і абагнала яе цёмна-фіялетавая, на якой распусціліся адразу тры бутоны, далей — ружовая, а вось гэтая павінна быць жоўтай, — знаёміць са сваёй кветкавай экзотыкай Іна Лебядзевіч і дадае: — Калі за такім буянствам фарбаў стаіць сапраўды вялікая праца, то вынік прыносіць большае задавальненне, чым звычайна.
Дырэктар упэўнена, што гэты прынцып працуе ў любой сферы жыцця чалавека. Яна заўсёды строгая да самой сябе ва ўсім, што тычыцца работы, і ад калектыву чакае той жа аддачы і паглыбленасці ў справу.
— На добрасумленную працу нацэльваць калег мне не даводзіцца. І такому стаўленню да жыцця вучацца нашы школьнікі. За апошнія тры гады вучні заваявалі каля 300 дыпломаў рознага ўзроўню ў конкурсах спартыўнай, творчай і адукацыйнай накіраванасці. І гэта з улікам таго, што навучальны год у нас завяршыўся для 47 вучняў, — адзначае Іна Лебядзевіч.
Сёлета выпускнікамі ў Канюхах сталі сямёра маладых людзей. Сярод іх 100 балаў на ЦТ па грамадазнаўстве набрала Вікторыя Дабрэнка. Цікава, што выпускніца зрабіла выбар на карысць педагогікі і паступіла на беларускую філалогію ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
— За высокія паказчыкі па выніках работы за 2024 год наша школа занесена на раённую Дошку гонару. І гэта адзін з першых падарункаў да 50-годдзя ўстановы адукацыі. У юбілейны год кветак у нас яшчэ больш — імянінніца прыбралася да сустрэчы гасцей, — з усмешкай дадае дырэктар.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара